Разам - зможам !

 

Грамадскае

Аб'яднанне

(г.Магілёў)

Заснавана

ў 2000 годзе

 

Галоўная

Навіны

Аб нас

Праекты

Кантакт

Галерэя

Гумар

Мапа

Апендыкс

Шукаем кантакты

Наш e-mail 

 

Апендыкс

 Месца знаходжання:   АпендыксГісторыя МагілёваМагілёў - XVII стагодзеМагілёў - Эпоха

Гісторыя Магілёва

   

барокаМагілёў - Гарадскі менталітэт

Пачатак

                             

Магілёў - Гарадскі менталітэт

XVI стагодзе

                                                           

XVII стагодзе

 

Менталітэт гараджан у XVI-XVIII стст. характарызуецца шэрагам адметных рыс, якія нe былі ўласцівы для іншых сацыяльных груп дзяржавы. Выразнае асэнсаванне і ўсведамленне сваёй асобнасці ды адметнасці ад іншых станаў грамадства канчаткова ўсталёўваецца сярод гарадскога насельніцтва Беларусі разам з распаўсюджваннем магдэбургскага права. Пераход да яго азначаў адасабленне чыста гарадскога страту, у склад якога, у адрозненні ад папярэдняга часу, не ўвакодзілі ўжо нi шляхта, нi навакольнае сялянства. Адным з першых гісторыкаў, хто акцэнтаваў увагу на гэтым, быў М.Доўнар-Запольскі.  

   

Уверх. Магілёў - Эпоха барока

   

XVIІІ стагодзе

   

Назад. Магілёў - Планіроўка

 

 

XIX стагодзе

     

Рэвалюцыя

     

 

   

Вайна

             

Развіты сацыялізм

             

Цікава ведаць

             

Спасылкі

                                                           

Фізіка МРТ

Магілёўскі строй 

Гарадская ментальнасць была заснавана на т.зв. "гарызантальнай салідарнасці". Кожны з гараджан, незалежна ад свайго месца ў сацыяльна-эканамічнай структуры, захоўтваў прынцыповую роўнасць з астатнімі сябрамі гарадской супольнасці. Каралеўскія прывілеі разглядаюць мяшчан як аднародны сацыяльны слой, маючы роўныя правы і абавязкі, падсудны толькі магістрацкаму суду.

 

 

Праекты

 

Чарнобыль і здароўе

 

Палыкавіцкая крыніца

 

Чыстая Дубравенка

 

Сустракая вясну

 

Праблемы Чарнобыля

 

Калегі

 

2006-2007 гг..

 

Галерэя

 

Прэзентацыя білютэня

                                                           

Палыкавіцкая крыніца

 

Узнікненне гарадской супольнасці і адчуванне агульнай прыналежнасці да яе знаходзіць сваё адлюстраванне ў шпаркім росце карпарацыйнай свядомасці, гарадскім "патрыятызме", ухваленні роднага горада, яго культурных каштоўнасцей, што былі дарагія кожнаму месцічу.  

Найперш, гэта знайшло сваё адлюстраванне ў паэзіі. Агульнагарадской карпарацыйнай свядомасцю, гарадскім патрыя­тызмам, усведамаленнем сваіх абавязкаў як калектыўнага васала перад каралём прасякнуты верш-ухвала, напісаны ў 1625 г.  "На Зацный клейнот места его кролевское милости Могилева, герб, названый Вежа".

 

2004 г.

   

Сустракая вясну

   

Праблемы Чарнобыля

   

2005г.

   

2006-2007 гг..

   
     
                                                             
   

Магілёў у ХVІ-XVII стст., з яго нечуваным для тaгo часу дынамізмам у развіцці, вабіў прыгажосцю сваіх храмаў, выклікаў захапленне і гонар у кожнага жыхара-месціча за сваю прыналежнасць да гарадской супольнасці. "Ёсць... то места Магілёў... у людзях вучоных, пабожных, гандлёвых і ў розных рамествах багата. Цэрквамі ёсць аздоблена, цэркві коштамі і накладамі ўпрыгожаны і пры штодзённым набажэнстве грэка-рускім квітнеючага, з-за чаго годна таго вершу ўжываць:

"Богам спасаемы сей град Магілёў

Прaайцец і айцец Яфетавых сыноў".

 
                                                           
 

Літоўскія сяляне. Смуглевіч Францішак. 1745-1807

Да мілых яго сэрцу месцічаў-магілёўцаў звяртаеццца ў сваёй паэме і магілёўcкі паэт, і філосаф XVII ст. Фама Іяўлевіч. Паэма Фамы Іяўлевіча "Лабірынт, альбо заблытаная сцежка, у якім пекная Мудрасць паказвае карацейшы і найлепшы шлях магілёўцам і іншым ва ўсіх ix пачынаннях" - першы свецкі паэтычны твор беларускага аўтара, цалкам прысвечаны гарадскому "паспольству". "Мілыя мяшчане" - у цэнтры паэмы, яны мусяць граць важную ролю ў адраджэнні Бацькаўшчыны, яе былой славы, "старажытных свабод". Аўтар паэмы апявае агульнасць інтарэсаў усяго гарадскога саслоўя. Для тaгo, каб дасягнуць сваіх мэтаў, па меркаванню паэта, неабходны хаўрус беларускіх і ўкраінскіх брацтваў, Вільні, Львова, Магілёва, увогуле ўсяго "хрысціянскага" люду.  

 
       

 

                                                   
   

У сувязі з гэтым паказальна стаўленне магілёўскіх мяшчан да магдэбургскага права. У іх свядомасці яно займае месца сярод найважнейшых каштоўнасцей жыцця. "3 милосердия Божьего и з ласки его королевское милости надано право меское магдебургское, которое называют хрестьянское".

He менш цікавым будзе паспрабаваць прааналізаваць патрыятызм гарадскога насельніцтва. Ен мае двухузроўневую структуру - карпарацыйны (гарадскі) і дзяржаўны. Падзеі ў "Хроніцы Сурты..." разглядаюцца з пункта гледжання іх мэтазгоднасці і карыснасцi для магілёўскіх месцічаў, найперш - купцоў, да якіх Сурта і належыў. "Хроніка..." і 6ыла напісана з мэтай услаўлення ды паказу сацыяльнае значнасці Магілёва і ягонага жыхарства. Прычым зроблена гэта было адмыслова. Кожная хроніка ў сярэднявеччы была развагай аб сусветнай гісторыі, у якой мясцовая гісторыя паказвалася як складаючая частка апошняй і ўводзілася ў агульную хаду гістарычнага развіцця чалавецтва, пачынаючы ад Біблейскіх часоў. Toe ж самае зрабіў і Трафім Сурта, але ягоная навацыя палягала ў тым, што калі папярэднікі-летапісцы рабілі гэта з гісторыяй краіны, то ён узвёў у "агульнасусветны" кантэкст гісторыю менавіта горада; звязваючы прычыну ўзнікнення Магілёва з біблейскімі часамі. Згодна з летапісцам, сам апостал Андрэй, легендарны хрысціцель Русі, блаславіў падчас сваёй місіі "...і горы, дзе ёсць Магілёў". Такім чынам, пачатак гiсторыі горада быў сакралізаваны, ягонае існаванне набыло Боскую наканаванасць ды "адвечнасць".  

 
                                                             
 

Сямейны партрэт. 1850 І.Хруцкі

Адчуванне гэтай багаратавальнасці Магілёва, ягонага адметнага, непаўторнага месца ў хрысціянскай гісторыі адбілася і ў гарадскім культавым мастацтве. І ў фрэскавых роспісах Багаяўленскай царквы, і ў роспісах касцела Св. Станіслава сярод сюжэтаў на біблейскія і царкоўныя тэмы смела ўводзіцца магілёўскі краявід, панарама роднага горада. Аналагічную рэч здзейсніў і В.Вашчанка, змясціўшы гравюру з выявай роднага горада ў "Кнізе жыцій святых". Такім чынам, магілёўскія мастакі, як і Трафім Сурта ў сваёй хроніцы, "уводзілі" гарадскую гісторыю ў агульнасусветны, біблейскі гістарычны кантэкст. Гэтыя фрэскі надавалі зусім іншае гучанне ўсёй мастацкай кампазіцыі. Горад, менавіта іх горад, "пражывае" самы галоўны момант у гісторыі чалавецтва, ён чакае прышэсця Хрыстова, ён блаславёны Ласкай Божай, арганічна знітаваны як горад пабожны з усёй гісторыяй хрысціянскай святасці, з горным Іерусалімам!

 
                                                             
   

Магілёўцам ХVІ ст. ужо быў уласцівы і дзяржаўны патрыятызм, выразнае адчуванне прыналежнасці да Вялікага Княства Літоўскага і ўсведамленне сваіх абавязкаў як падданых "да пана нашага міласцівага." – вялікага князя літоўскага і караля польскага. Гараджане супрацьпастаўляюць "панства Літоўскае", у якім яны жывуць, і "за-граніцу", -з аднаго боку, "карону Польскую", а з другога "Землю Московскую".  

 
                                                           
 

Мапа Эўропы. 1500-1700 гг.

Паказальна стаўленне праваслаўнага летапісца Трафіма Сурты да ўладаў Рэчы Паспалітай. У "Хроніцы..." нe змешчана аніводнай адмоўнай характарыстыкі ў дачыненні да яе каралёў. "Стэфан Баторый, што наяснейшы кароль і пан наш міласцівы", Ян III - "...пан кемлівы, відны; здаровы, набожны, да народу рознага стану міласэрдны". Летапісец лічыць Рэч Паспалітую "сваёй" дзяpжaвaй, ён яе верны падданы. На ўсе падзеі, што адбываюцца ў гісторыі гэтай дзяржавы, Сурта глядзіць вачыма патрыёта Рэчы ІІаспалітай, яе нягоды і радасці, паражэнні і перамогі знаходзяць жывы, эмацыйны водгук у "Хроніцы ...". У якасці яскравага прыкладу такога стаўлення летапісца варта прывесці запіс 1682 г., у якім ён паведамляе аб смерці Міхала Паца, ваяводы Вілейскага і гетмана Вялікага Княства Літоўскага. Для Трафіма Сурты ён "...дасканалы палка­водзец і знаўца ў ваенных справах. ...Даўся гэты палкаводзец у знакі розным народам, нямецкім, турчынам, татарам, і маскаль яго некалькі соцень гадоў не забудзе, якому дай Божа вечную святасць".  

 
                                                             
   

Сацыяльны склад насельніцтва беларускіх гарадоў, у тым ліку і Магілёва, не быў аднародным, што абумоўлівала як агульнасць, так і дыферэнцыяцыю ў стылі паводзін пэўных сацыяльных груп гараджан. Асновай адрозненняў паміж рознымі сацыяльнымі групоўкамі месцічаў (патрыцыятам, рамеснікамі і люмпенамі) выступалі грошы. Феадальнаму ідэалу высакароднасці горад супрацьпаставіў сістэму каштоўнасцей, у аснове якой ляжала ўласная праца, што рабіла людзей уплывовымі і заможнымі.  

 
                                                             
 

Выгляд Магілёва з-за р.Дубравенкі

Як вядома, адносіны да працы ў сярэднявеччы былі дваістыя. Неабходнасць працаваць - наступства першароднага грэху. Абагачэнне і накапленне ёсць з'ява грахоўная. Бедныя ды немаёмасныя, лічылася, стаялі бліжэй да Хрыста, чым уласнікі. У існаванні багацця і беднасці царква знаходзіла ўзаемную сувязь - "багатыя людзі створаныя для выратавання бедных, а бедныя для выратавання бататых".  

 
                                                             
   

У эпоху Рэнесансу гэты погляд на жабрацтва пачынае змяняцца. У гарадскім асяроддзі жабрацтва ўжо нe разгядаецца як абсалютная каштоўнасць ды ідэал. Яно апраўданае толькі пры ўмове страты працаздольнасці ды "ўбогасці". Паказальна, што менавіта на другую палову XVI - пачатак XVII стст. прыпадаюць спробы беларускіх магістрaтаў рэгуляваць колькасць гэтай сацыяльнай групы. Прычым назіралася адназначна негатыўнае стаўленне магістрата да жабрацтва сярод працаздольнай часткі горада. Напрыклад, у l621 г. магілёўскі магістрат выдаў адмысловую пастанову аб наглядзе за жабракамі, што жывуць у шпіталях. "...И молодики жонки, дети меские и иншые, дорослые и недорослые, выростки и девки, не маючы в собе жадное хоробы а ни уломности... удались непотребне в убоство... и иншые, сами будучи здоровы для встыду (!) нe выходзячы з дому на месцо, сами детей своих здоровых, сиротами называючи, носылали пожиток собе в том всем и слушное выживлене а в браню ялмужных ошуканне чынят".  

 
                                                             
 

М. Атрыганьеў. Краявід у Магілёўскай губерніі. 1886

Разам з тым, захоўваецца даванне міласціны жабракам, выдаткаванне грошай на патрэбы "убогіх" змяшчаюць большасць купецкіх тэстаментаў той эпохі. Усведамленне аб паратунку душы давальніка праз жабрака актуальнае і ў гэты час. Аднак сам па сабе факт паказальны - у сістэме каштоўнасцей гараджаніна жабрацтва не ёсць дабрачыннасць для здаровага чалавека.

 
                                                             
   

Такім чынам, у XVI - пачатку XVII стст. у Магілёве складвалася новая працоўная этыка. Яе ўжо можна назваць уласна гарадской. Цікава прасачыць у сувязі з гэтым адносіны магілёўцаў да п'янства. "Kyльтypa піцця" ў яе гарадскім варыянце прынцыпова адрозніваецца ад шляхецкай. Бясспрэчна, кепскі быў той гаспадар, які не частаваў гасцей да цёмнай ночы і не выпускаў ix на залку, каб яны ішлі, трымаючыся за сцены і хістаючыся. Аднак гэтак піць можна толькі на свята ды ў гасцях. Штодзённае п'янства выклікала пагарду і агіду. ІІ'яніца быў аб'ектам здзекаў з боку іншых сяброў гарадской супольнасці, бо п'янства адвучае чалавека працаваць, робіць яго гультаём. Вельмі красамоўна пра гэта сведчаць шматлікія "прызнанні" - прысягі, што давалі магілёўскаму магістрату схільныя да п'янства месцічы. У выпадку ж невыканання прысягі магістрат мог пасацзіць п'яніцу ў турму, накласці на яго штраф.  

 
                                                             
 

Магілёўскія "сабутыльнікі"

Смерць ад п'янства выглядала настолькі ганебнай, што былі выпадкі, калі суродзічы нябожчыка імкнуліся пахаваць яго патаемна, без выканання царкоўнага рытуалу, каб ніхто нe ведаў аб гэткім сораме сям'і! Напрыклад, у 1639 г. у магілёўскі магістрат прыйшлі "мeшчaнe нa предместю  на Гвоздовце мешкаючіе, вносили, иж ночи сегоднешнее, человека три, на возе припровадивши невесты якоесь тело, годиною добре пред днем, нe водле звычаю, погребу не отправуючи и не даючи знать о том, яким бы способом умерла, ведле валу, троха откопавши, вкинувши до ямы, закопали".  

 
                                                             
   

Брат Доні Іванаўны (так звалі нябожчыцу) Фёдар Іванавіч Аршаніца абвінаваціў у забойстве сястры яўрэйку Лею Езофо­вyю, у якой яна служыла. Пасля апытання сведак стала вядома, што "...тая змерлая нявеста пила у кляшторным даму, у пане Посталовское, а вышедши з тага дому... усела пьяная и зявавши, стогнyчы умерла". Лея Езафовая адразу паведаміла аб гэтай смерці сыну нябожчыцы, які "взявши тело, яко до ютрени зазвонено, отвезлисмо нa Гвоздовку в свитаню, и для неславы, же з горелки умерла, кгдыж и отец наш первей сего также з горелки змер, не даючи знать до церкви, выкопавши ямку на Гвоздовце... ввинувши в рогожу и прикривши дошкою поховали".

Паказчыкам агульнагарадской працоўнай этыкі з'яўлялася і стаўленне да працы трэцяга саслоўя. Адносіны да працы як да каштоўнасці, якой можна ганарыцца, мы бачым і ў купецкім асяроддзі. Высакародства шляхціца грунтавалася нa яго паходжанні. А купец часцей за ўсё  мог супрацьпаставіць гэтаму толькі ўласную прадпрыймальнасць і ашчаднасць.

Паказальны ў сувязі з гэтым тэстамент памерлага ў 1706 г. магілёўскага бурмістра Малакія Гутароніча Казкевіча, які набыў сваю "властность пачавши працавати от своих лет малых и одважаючысе по дорогах, што набыл, а не от родича моего Андрея Казкевича мне не зостало ничого суммы, ено за ласкою Божыею и за благословенем родичов и за Бозкое помочью и за старанем моим и за працою застало, тады моего набытку от Бога даного до шафунку".  

 
                                                             
 

У карчме

Тэстамент Малахія Казкевіча заслyгоўвае ўвагі, каб нa ім спыніцца больш падрабязна. У гэтым тэстаменце, як ні ў якім іншым дакуменце, знайшлі сваё адлюстраванне стэрэатыпы гарадской свядомасці і асэнсавання значнасці ролі трэцяга саслоўя. Цікава, што Казкевіч патрабуе, каб "дачок маіх так старэйшых, як і малодшык ни за каго каб не выдавалі толькі за людзей сярэдніх, у багацці мерных, бо каторыя нi ў багацці выраслі ні ў раскошы... хто без родзічаў застаўся ў убостве і самі зарабілі, з малых год працавалі і працуюць", ведаюць як ашча­джаць і захоўваць грошы. Разам з гэтым ён загадвае, каб нe выдавалі замуж "ні ў якім выпадку ні за мешчаніна віленскага, нi за мінскага, нi за слуцкага, нi за шляхціца найбагацейшага", а толькі "за мешчаніна тутэйшага ў Магілёве".  

 
                                                             
   

Як бачым, праца ў вачах аднаго з багацейшых людзей Магілёва канца XVII ст. з'яўлялася галоўным крытэрыем павагі ў дачыненні да чалавека, а мешчанін магілёўскі быў куды больш пажаданы зяць, чым "шляхтіц найбагацейшы"! Казкевіч не лічыў сваю справу грахоўнай і нізкай. Ягоны прыбытак і поспех былі "от Бога даны".

У помніках магілёўскага летапісання, актавых дакументах магістрата купца называюць "аздобай горада". Ён служыць гораду, ягоная праца карысная і заслугоўвае павагі. Павага да ўласнай дзейнасці - асноўны лейтматыў запісаў у купецкіх тэстаментах канца ХVІ-ХVІІ стст. Клапоцячыся аб выратаванні сваёй душы, купцы між тым упэўненыя, што іх занятак карысны і неабходны.

Цікава выглядае сама працэдура ахвяраванняў на цэрквы і касцёлы ў купецкіх тэстаментах. Той жа Казкевіч, аквяруючы на храмы грошы, паводзіць сябе як разлічваючы ўсё пакупнік, што імкнецца атрымаць максімальную выгоду. Выратаванне ад пакутаў пекла магчыма пры ўмовах дабрачыннасці ды шматкроць паўтораных за ахвяравальніка царкоўных службаў. Казкевіч шчодра адорвае цэрквы, шпіталі, жабракоў. Аднак нават у сваім тэстаменце ён застаецца адданым гандлёвай этыцы - толькі добрасумленна выкананая работа мусіць быць узнагароджана. І таму, хоць ён і выдаткоўвае "на чарняцоў, або папоў злотых тысяч два", але загадвае "...айцам сумы не даваць, а квота каб дахадзіла айцам за ix працу". Аўтара тэстаменту працягвалі непакоіць кліенты, якія нe разлічыліся з ім за рэчы ды грошы, пазычаныя ў яго: "...адыскаць у Ракушаў альбо грошы, альбо звон, няхай мая субстанцыя дарма не гіне".

 
                                                             
 

Цэхавыя гербы магілёўскіх седляроў і шубнікаў (1), злотнікаў (2), збройнікаў (3), краўцоў (4), магілёўскага купецкага брацтва (5). 17 ст.. Рэканcтрукцыя А. К. Цітова.

Як вядома, эканамічнаю мэтай сярэднявечнага грамадства было стварэнне неабходнага, а імкненне займець для сябе большае - грэх гардыні. Купец жа прагнуў атрымоўваць прыбытак, ён рэалізоўваў тавар не па тым кошце, за які набыў, і таму мусіў выклікаць недавер. Аднак магілёўскае купецтва лічыла гэта справядлівым, бо "...усе разам цягнем цяжар розных цяжкасцяў у паслугаванні гораду, то хочам... шукаць і атрымоўваць прыбытак ад свайго гандлю".  

 
                                                             
   

Праца і грошы - вось што з'яўлялася з пункта гледжання купецтва неабходнымі ўмовамі для кіравання справамі ды да­сягнення павагі. "Усялякае кіраванне надзейней за ўсё ўмацоўваецца ды падтрымоўваецца сілаю грошай і калі ix не стане, рэдка можна утрымацца на вышыні пашаны". У гэтым была квінтэсенцыя рацыі магілёўскага купецтва XVII ст.

Аднак багацце беларускага патрыцыяту яшчэ нe азначала прызнанне ягонай сацыяльнай значнасці ў грамадстве. Нягле­дзячы на тoe, што Статут 1529 г. разглядаў гарадское насельніцтва як саслоўнае ў дзяржаве, адсюль не вынікала прызнанне самакаштоўнасці гарадской працы і гандлю, яны не разглядаліся як дабрачыннасць у арыстакратычным асяроддзі. Як ўжо згадвалася, у саслоўна-іерархічным грамадстве галоўным было находжанне ды высакароднасць. Ha гандаль вышэйшыя слаі глядзелі з непрыхаванай пагардай. Пака­зальна, што шляхціцу забаранялася займацца гандлем пад пагрозай пазбаўлення шляхецтва.

Адносіны да патрыцыяту (у прыватнасці, да купецтва) былі даволі неадназначнымі і сярод рамеснага насельніцтва Магілёва. Непрыязнае стаўленне да членаў магістрата і буйных купцоў знайшло сваё адлюстраванне ў пагардлівай мянушцы-"лупежцы". Гэта было выклікана супярэчнасцю паводзін апошніх з традыцыйнымі стэрэатыпамі хрысціянскай этыкі і маралі ў пытаннях аб законных і незаконных сродкак набыцця багацця. Як вядома, незаконна нажытае багацце, ў "Пролагах" разглядалася як від рабунку, прысваенне сабе агульнай маёмасці, бо "мздоимец и резоимец и сребро любец и грабитель" - чатыры колы адной калясніцы, якой кіруе вознік - сатана. У дакументах XVI-XVII стст. згадваецца шмат рабаўніцкіх аперацый праз крэдытаванне багацейшымі мяшчанамі менш заможных, у выніку чаго многія з апошніх страчвалі сваю ўлас­насць. У другой палове XVI ст. у магілёўскім асяроддзі не толькі сярод яўрэйства, але і сярод беларускага купецтва, пача­ло распаўсюджвацца даванне грошай у ліхву пад даволі высокі працэнт. Пісьмовыя крыніцы сведчаць і аб шматлікіх фактах злоўжывання сваім службовым становішчам членамі магістрата пры зборы падаткаў, што выклікала рашучы пратэст з боку астатніх мяшчан. Вось гэтае незаконнае, "не праведнае", набыццё багацця і абумовіла ў асяроддзі сярэдніх слаёў насельніцтва Магілёва ўяўленне аб ненасытных, забыўшых пpa Хрыстовыя запаветы "лупежцах", якія "з'ядаюць" дабрабыт усяго горада.

Разам з гэтым, у магілёўскіх мяшчан жыло ўсведамленне, што "...иж се в том одном месте и ровно вси есмо породили, хотечы видеть о правах и вольностях наших не только старшым, але наимолодшым данных". Агульнагарадская свядомасць у гэты час ўсё ж такі дамінавала, што пацвярджаецца актыўнай пазіцыяй, якую займала ў вырашэнні важных праблем уся правадзейная частка жыхароў Магілёва.

Сцвердзіўшы сябе эканамічна, патрыцыят мусіў сцвердзіць неабходнасць свайго існавання, сваю наканаванасць у свеце, усяляк дамагацца змены адносін да свайго сацыяльнага статуса з боку феадалаў. Жаданне падкрэсліць сваю роўнасць з шляхтай адлюстраванае ўжо ў саміх зваротах да членаў магістрата, купецтва, цэхавай верхавіны. У запісах гарадскіх кніг да ix нязменна дадаваліся словы "учтивы", "славетный". Больш тaгo, усе яны называл і сябе "паны", "шляхетныя паны", хаця многія з гэтых "шляхетных паноў" вялі свой радавод з заможнага сялянства прылеглых да Магілёва вёсак.

 
                                                             
 

Паліхромная кафля з Магілёва   17 ст.

Да другой паловы ХVІ ст. Адносяцца найбольш раннія звесткі аб гербавых пячаткак-сыгнетах магілёўскіх месцічаў, якія нe былі набілатаваныя. Разам з гэтымі працэсамі ўзрастае цікавасць да кніжнай культуры, да адукацыі. Ужо ў другой палове XVІ ст. у хатнім ужытку магілёўцаў з'яўляюцца кнігі. У асяроддзі магілёўскага купецтва ў XVII ст. былі даволі вялікія кнігазборы.

Матэрыяльная культура сведчыць аб знаёмстве жыхароў горада с сюжэтамі антычнай міфалогіі (выявы на кафлі кентаўраў, амазонак, саты­раў).  

 
                                                             
   

Пафасам скарэння прыроды, ўшанаваннем Розуму, "Пекнай Мудрасці", неабходнасці адукацыі прасякнута памянёная паэма Фамы Іяўлевіча. Муцрасць дазваляе адказаць на самыя скла­даныя філасофскія пытанні - аб стварэнні свету "з нічога", аб яго развіцці і зямных межах, руху зорак нa небе, аб паходжанні людзей і жывёл, узнікненні маланак, сузор'яў Аркатур, Вялікая Мядзведзіца, Гіяды, Арыён і іншых прыродных з'явах. Мудрасць дае адказ таксама і на простыя пытанні, практычныя праблемы людзей. Дзякуючы мудрасці вінаградар разумее паходжанне гронкі, з дапамогай муцрасці становяцца вядомымі тэрміны ворных работ, час сяўбы, прадказваецца надвор'е, паветра і дождж. Аўтар папракае магілёўскіх месцічаў за неналежныя адносіны да адукацыі, бо на яго думку, звычайнай гандлярскай прадпрыймальнасці, што нa вачах перарастае ў неразумную сквапнасць, для дасягнення поспехаў будзе замала.

У XVI-ХVІІ стст. усё ж такі кардынальным чынам мяняец­ца стаўленне да Бога, а разам з ім і да чалавека. Антрапацэнтрызм, пaвaгa да чалавека-тытана, майстра-творцы, добра прасочваецца ў магілёўскім мастацтве тaгo часу.

Першая такая праява y магілёўскіх абразах. Ужо пачынаю­чы ад найбольш ранняга з іx - вядомага шэдэўра "Нараджэнне Маці Боскай" Пятра Яўсіевіча з Галынца, на нас глядзяць жывыя твары рэальных людзей, адбываецца персаніфікацыя вобраза, разбураецца плоскаснасць выяў, знікае адваротная перспектыва. Toe ж самае можна сказаць і аб магілёўскай гравюры, і аб магілёўскай металапластыцы.

У якасці прыкладу, што характарызуе гэтую тэндэнцыю ў магілёўскай метапапластыцы, варта прывесці адну з цікавейшых археалагічных знаходак аўтара гэтай кнігі - наверша бронзавай  лыжачкі да прычасця XVI ст., выкананае ў выглядзе скульптур­най выявы Хрыста-Уседзяржыцеля. Твар і поза Хрыста поўныя годнасці, нібыта "выпраменьваюць" значнасць і спакой. Контуры фігуры пададзены мякка, яны нібыта "пераліваюцца", плаўна пераходзячы адна ў другую. Уражвае рэалістыстнасць, з якой выкананы твар, натуратьнасць постаці, аб'ёмнасць фігуры. Майстар дa драбніц дакладна перадаў рысы твару. З вялікім майстэрствам пададзены вочы, нос, вусы, бара­да. Валасы Хрыста "расчэсаны" на прабор, добра відаць кожную асобную пасму. Выяве нададзены яскрава індывідуальныя рысы. Твар пададзены настолькі натуральна, што складаецца ўраджанне, быццам бы майстар у сваёй працы імкнуўся ўвасобіць канкрэтную натуру, пэўны індывідуальны тып. У гэтым прасоч­ваецца характэрная рыса, уласцівая рэнесанснаму светапогля­ду, рэнесанснай культуры, якая не адмаўляла рэлігію як сістэму светаўспрыймання, а "імкнулася наблізіць яе да чалавека, наколькі гэта магчыма "парадніць" чалавечы і божы пачатак". Гэтае "парадненне" можна знайсці і ў падкрэсленай дэталізацыі пры перадачы элементаў адзення, посуду і г. д.

Трэба адзначыць яшчэ адзін вельмі важны момант, што адразу кідаецца ў вочы і пры аналізе твораў мастацтва, і пры вывучэнні пісьмовых крыніц. Магілёўскае мастацтва ў ХVІІ ст. перастае быць ананімным, што тычыцца як абразоў, гэтак і гравюры. Майстры пачалі падпісваць свае творы, ставіць на ix свае прозвішчы або ініцыялы, а Пётр Яўсіевіч яшчэ і год выканання адзначыў. Гэта быў кардынальны зрух у ментальнасці майстра як чалавека свайго часу. Сярэднявечнае мастацтва, як вядома, было ананімнае, бо нe майстар піша абраз, а Госпад, рухае яго рукою. Таму падпісваць свой твор было грэхам гардыні. Такім чынам, можна з поўнай упэўненасцю казаць аб узросшым індывідуалізме, павазе майстра да самога сябе як творчай асобы. Гэты нараджаючыся індывідуалізм і павага да асобнага чалавека знайшлі сваё адлюстраванне і ў павышанай цікавасці да персанальнай абразызнявагі майстра словам, дыскрэдытацыі яго прадукцыі. Усе магілёўскія цэхі прадугледжвалі пакаранне і штраф за знявагу гонару і годнасці кожнага асобнага "брата". Так статут цэха пекараў патрабаваў, каб "...абы жаден з братіи нашой на сходку подпілым не пріходил и жадных голосов нe чынил, а ежели бы другим перешкоде якове учынил, а поменіоны од братіи своей, спокойным быть не хотел и в молчаню заховатисе не мел, тады таковый каждый до колоды всажоный быть мает, а пo выпушченю з колоды, мает всей братіи поклониться. Молодший на старшого, альбо на равного себе гды ся торгнул еловы ужыпливыми лжыть и срамотить, таковый теды мает явне перед всею братиею ображенного препростить и за выступок гривны две до скрынки брацкай оплотить, а ежели бы ся важыл ударить, таковый мает быть з наказу всее братіи бичем караны".

Дынамічнае развіцце гандлю і рамяства вымагала зусім іншага стаўлення да часу. Можна казаць, што "час званоў" саступіў месца "часу купцоў" у Магілёве напрыканцы XVI - першай палове XVII стст. 3'явіліся майстры (нe майстар, а майстры!!!), што выраблялі гадзіннікі (зэгмістры). Яны згадваюцца ў актавых дакументах магістрата за 70-80-х гг. ХVІ ст. і ў інвентары за 1604 г.. Званіца Багаяўленскага манастыра, а пазней і мураваная ратуша, мелі гадзіннікі. Яны папраўдзе адлічвалі Новы час, час уздыму трэцяга саслоўя.

Узнікненне гарадской свядомасці, пераацэнка пэўных каштоўнасцей, якія былі бясспрэчнымі для ментальнасці аграрнага феадальнага грамадства (у першую чаргу, стаўлення да працы, сацыяльнага паходжання чалавека і грошай) нe маглі не адбіцца на ўзаемадачыненнях паміж гарадской супольнасцю і царкоўным клірам. Вывучэнне гэтага цікавага моманту дазволіць пабачыць стаўленне магілёўскіх мяшчан да святарства і іх уяўленні аб месцы кліра ў гарадскім жыцці.

 
                                                             
   

У канцы XVI - першай палове XVII стст. у Магілёве адбываліся істотныя змены ва ўзаемадачыненнях міран і кліру. Першыя разглядалі царкоўныя інстытуцыі як неабходны для патрэб гараджан атрыбут. Пры гэтым святар не меў безумоўнай перавагі ў пытаннях веры. Ён быў цалкам пад кантрольны міранам і мусіў паводзіць сябе пачціва ў ацносінах да гараджан.

Яго галоўная справа - царкоўная служба. Святар не меў права патрабаваць дадатковай платы з прыхаджан за царкоўныя трэ­бы, "...и згодна уво всик святостях, вадлуг потребы, хутливе, без жадных вымовок маем услуговати, ничого мусом, окром добровольного... датку не вытягати".  

 
                                                             
 

Езус дае ключы Святому Пятру. Фрагмент фрэскі Perugino з Ватыканскай Сіксцінскай капэлы.

У другой палове ХVІ ст. магілёўскія гараджане абвесцілі сапраўдную вайну мясцоваму кліру. З афармленнем брацтва яна набыла яшчэ большае абвастрэнне. У гэты час актывізаваліся памкненні мяшчан дамагчыся права патранату над гарадскімі цэрквамі. У сваю чаргу, святары разглядалі іх як сваё "дзедзічнае" трыманне з усім адсюль вынікаючым - былі выпадкі, калі пасля смерці святара альбо яго знікнення з гораца ад маёмасці царквы нічога, акрамя голых сцен, не заставалася.  

 
                                                             
   

Першая буйная перамога ў гэтым сэнсе гараджанамі была атрымана ў барацьбе за кантроль над галоўным кафедральным храмам горада - Спаскай царквой. Магілёўцы вырашылі праблему радыкальна. 8 красавіка 1577 г., "в понеделок великоденный", яны з'явіліся ca зброяй у руках пад сценамі Спаскага манастыра і "...моцно кгвалтом ворота монастырские выбили и выломали". Магілёўскаму пратапопу Сасіну Захарынічу па­шанцавала - яго на той час там не было, чаго нельга сказаць аб яго дачцы і яе мужы, земяніне Яне Салецкім. У жаху яны зачыніліся ва ўласным накоі полацкага ўладыкі, але гэта нe выратавала ix ад раз'юшанага натоўпу. Мяшчане выламалі дзверы і "...выцягнули за горла кийми и колем били и мордова­ли, хотечи забить его до смерти". He дастала літасці і жонка - не зважаючы на цяжарнасць, яе збілі кіямі, і яна нарадзіла нежывое дзіця. Але на гэтым няшчасці зяця пратапопа не скончыліся. Яго "збитого и змордованого, а праве на полы умерлого, порвавши за горло, биючи в зашиек, отволокли до турмы своее местьское у двор войтовски, не ведучи дей его, яко шляхтича поцтивого, до замку гедрьского Могилевского... до везенья шляхецкого... а нагого на ланцугу повесили".

22 верасня 1588 г. гэта крывавая эпапея скончылася - naд пагрозамі мяшчан полацкі епіскап Афанасій адступіўся ад храма, а кароль прызнаў слушнымі ix патрабаванні.

He менш рашуча абыходзіліся магілёўцы і з прыходскімі святарамі. Поп Траецкай царквы не пажадаў падпарадкавацца прыхаджанам, абгрунтоўваючы гэта сваім "правам дединым". У адказ яны "ключ церковны от мене взявшы, ризы, книги и всякие сосуды церковные от мене отобравши, другому, именем Овдею Тишковичу, церковь поручили и вечерню служить емy казали". Прадэманстраваўшы сілу, магілёўцы вярнулі "няўдзячнага" святара, але пры гэтым нагадалі, што "...иж ты нac, мещан, не честил и ни в чом нас послушным быть не хочет и з нами гордостю се обыходит, и мовил еси, недбаю дей вас, мещан, не от вас маю церковь, але от господара короля его млсти нашого... теперь опять попомку той церкви берем и пріймуем и за духовника своего мети хочем; нe будь жe так пышным и гордым".

У выніку гэтых падзей ужо на пачатку ХVП ст. большасць цэркваў у Магілёве апынулася naд патранатам прыхаджан. "Епископ в доходы церковные уступоватися не мает", - вось у чым палягала галоўная эканамічная перамога брацтва.

Магілёўскія месцічы па свайму жаданню абіралі сабе святароў, а епіскап не павінен быў адмаўляць у пасвячэнні. Адзінае, што ён мог - назіраць за тым, каб кандыдаты ў святары былі "годными и в письме Божом учоными". Кожны з святароў падпісваў дамову з прыхаджанамі, у якой, між іншым, абавязваўся "...а па корчмах и складак для напитков ходити и николи в них, окром нужное потребы духовное бывати, картами, костками и никакими легкими забавами богу мерзкими и от них санови нашему священическому непристойными забавля­тисе не маем".

Больш тaгo, магілёўскае святарства ў XVII ст. з'яўлялася паслухмянай марыянеткай ў руках гарадскога "паспольства", якое разглядала царкву і яе маёмасць як калектыўную форму ўласнасці гараджан, а святароў - як звычайных службоўцаў, атрымліваўчых за сваю працу фіксаваны заробак і не маючых права прэтэндаваць на большае. "Папам,-абвінавачваў у 1619 г. магілёўцаў каралеўскі інстыгатар па ix справе з Кунцэвічам, - даюць маленькае жалаванне, усё ж астатняе забіраюць сабе на мірскія патрэбы; нават ключы ад цэркваў, дамоў Божых, не ў папоў, але ў мяшчан у руках, і поп не тады ідзе ў царкву на службу Божыю, калі хоча, а ў той час толькі, калі мяшчане загадаюць адчыніць цэрквы, што даказана, і адмаўляць тaгo ніякім чынам нe могуць, бо гэта ўсім вядома". Таму і ў пытаннях прыняцця уніі інтарэсы гарадскога кліру і мяшчан кардынальна розніліся. Як вынікае з дакументаў, першыя гатовы былі прыняць унію, і толькі пагрозы з боку гараджан нe давалі магчымасці ім гэта зрабіць.

Здаецца, ёсць усе падставы пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія бачаць у дзейнасці брацтваў рысы своеасаблівай праваслаўнай рэфармацыі. Апошняе знайшло сваё адлюстраванне ў актыўным змаганні аб'яднаных у брацтвы гараджан за падпарадкаванне царкоўных прыходаў і навацый ў царкоўных абрадак, імкненні зрэалізаваць прынцып таннай, адпавядаючай запатрабаванням горада царквы, а таксамa і наогул у поглядах на ролю і месца кліру ў гарадскім жыцці.

 
                                                             
                               
   

У верхнюю частку старонкі (top)

                                                 
                                                             

 

Дасылайце Вашы паведамленні на s.wolkau@tut.by з пытаннямі альбо каментарыямі адносна гэтага сайта.
Copyright © 2006 ГА "Лекарскі саюз" 
Апошняя мадыфікацыя: 02.07.2007