|
|
Разам - зможам ! |
||||||||||||||||||||||||||||||
|
Грамадскае Аб'яднанне (г.Магілёў) |
Заснавана ў 2000 годзе |
|
|||||||||||||||||||||||||||||
| Месца знаходжання: | |
||||||||||||||||||||||||||||||
Калегі - "Выбранае" - 2004 |
|||||||||||||||||||||||||||||||
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||
|
|
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||
“Творчы падыход дазваляе нам развівацца…” |
|||||||||||||||||||||||||||||||
|
Апёкавае аддзяленне УЗ “Медсанчастка МВА “Хімвалакно” – адзінае ў вобласці, яно займаецца складанымі хваробамі, большасць з якіх патрабуюць высокага майстэрства, сур’ёзнай тэхнічнай базы і багатых ведаў. Гутарка з Яўгенам Канстанцінавічам Лобанам, загадчыкам аддзялення, сведчыць, што магілёўскія спецыялісты выводзяць сваю медычную на сучасныя рэйкі, а гэта вельмі важна, бо закладае асновы здароўя нашых грамадзян. |
|||||||||||||||||||||||||||||||
|
Адкуль “прыходзяць” да вас вашыя пацыенты? Якія прычыны, сацыяльныя ці проста чалавечыя, з’яўляюцца ў вашым выпадку галоўнымі? Паколькі нашае аддзяленне лякуе і апёкі і абмаражэнні, то варта напачатку адзначыць, што ільвіная доля пацыентаў у нас – ахвяры апёкаў. Асноўная прычына ўзнікнення траўм у нашых пацыентаў – гэта асабістая неасцярожнасць людзей, грэбванне агульнапрынятых норм бяспекі і правіл паводзінаў. Што яшчэ вельмі насцярожвае, што істотна падвялічылася доля так званых глыбокіх, гэта значыць найбольш цяжкіх у лячэнні апёкаў. Калі раней павярховых апёкаў было недзе каля 70%, і толькі 30% глыбокіх, то цяпер іх суадносіны роўныя і нават адбываецца далейшы рост менавіта цяжкіх глыбокіх апёкаў. Не аналізуючы глыбока ўсе прычыны, дазволі сабе толькі адну красамоўную канстатацыю: згаданы рост колькасці глыбокіх апёкаў супаў па часе з узмацненнем крызісных сацыяльна-эканамічных тэндэнцыяў у нашым жыцці. Што да абмаражэнняў, то на першым месцы тут стаіць ужыванне алкаголю. І калі за апошнія 4 гады было каля 17 абмарожаных, то зараз мы маем 60 выпадкаў! Падкрэсліваю, што галоўная, на 90%, прычына ўсіх здарэнняў у тым, што людзі ўжывалі спірытусовыя напоі. Выпіў, упаў у сугроб і пакуль нейкі дабрадзей не паклапоціцца, ня ўзніме небараку, будзе ён там ляжаць з адпаведнымі для свайго здароўя наступствамі. Што тычыцца дзяцей, то тут, без сумненняў, уся віна кладзецца на бацькоўскую неахайнасць: то падставілі кубачак з кіпенем, то талерку з гарачым супам, то яшчэ нешта падобнае. А дзеці бегаюць, у іхным узросце гэта натуральна, і толькі ўважлівасць бацькоў у гэтым выпадку можа ўратаваць маленькіх ад няшчасця. Хачу сказаць, што меры перасцярогі не патрабуюць нейкіх істотных намаганняў, правілы бяспекі элементарныя. Але і яны шмат для каго аказваюцца невыканальнымі чамусьці. І добра, калі ў выніку атрымліваюцца лёгкія траўмы, лячэнне якіх хуткае, а наступствы хутка загойваюцца. Куды цяжэй казаць пра выпадкі глыбокіх апёкаў з працяглым і цяжкім лячэннем, з неабходнасцю хірургічнага ўмяшання і патрэбай у далейшых сур’ёзных рэабілітацыйных захадах. Цяжка бацькам, цяжка дзеткам, цяжка і медыкам, паколькі тут магчымыя далейшыя ўскладненні і з імі лекарам прыходзіцца весці ня меншую барацьбу. |
|||||||||||||||||||||||||||||||
|
Тэхнічная, матэрыяльная база а таксама кадравы патэнцыял аддзялення, на ваш погляд, адпавядаюць цяперашнім патрабаванням? У аддзяленні сёння працуе 6 ўрачоў, а атрымліваць лячэнне маюць магчымасць каля 50 чалавек, дзяцей і дарослых. Аснашчанасць нашага аддзялення адпавядае сучаснаму ўзроўню. Справа ў тым, што апошнія гады мы маем вельмі шчыльнае і плённае супрацоўніцтва з ангельскай дабрачынная арганізацыяй “Angels international”, гісторыя супрацоўніцтва налічвае больш 5 год. Ангельцы аказваюць нам вельмі сур’ёзную дапамогу ў забеспячэнні нас неабходнымі медычнымі матэрыяламі, у прыватнасці, мазямі, сродкамі для перавязкі. Акрамя таго, неацэнны ўнёсак зрабілі прадстаўнікі з брытанскай выспы ў аснашчэнне нашага аддзяленне неабходным сучасным абсталяваннем. Гэта і спецыяльная мыйня для мыцця апёкавых хворых, дэрматомы, перфаратары, без якіх немагчымая наша праца. Яны забяспечваюць нас разнастайнымі прыборамі і прыладамі, маніторамі, пульсаксіметрамі, наркозна-дыхальнымі апаратамі. Мы атрымалі апарат для шліфоўкі рубцоў, а ў больш шырокім сэнсе – скуры, маем цяпер радыё хірургічны скальпель, якім выконваюцца ня толькі апёкавыя аперацыі, але і цэлы шэраг іншых хірургічных аперацый. Карацей, скардзіцца тут не выпадае, забяспечаны мы добра. З гэтай прычыны мы можам выкарыстоўваць сучасныя метады лячэння апёкавых траўм. Напрыклад, мы ўжываем раннюю хірургічную тактыку праз выкарыстанне ранняй некратэптаміі з аднамомантнай альбо адтэрмінаванай перасадкай скуры ў тэрміны ад 2 да 9 дзён. Гэта зараз асноўны метад лячэння апёкавых траўм,ягоная сутнасць у тым, каб найхутчэй выдаліць згарэлыя ткані і закрыць на пашкоджаныя месцы кавалкі здаровай скуры пацыента. Такі метад абрывае ўсё апёкавае захворванне, якое можа мець цэлы шэраг стадый, і ў выніку прыводзіць да больш хуткага і добрага выздараўлення, аднаўлення працаздольнасці і ўвогуле істотна падвышае працэнт выжывання пасля апёку. Натуральна, у гэтым ёсць добры эканамічны эфект. Мяркуйце самі, хворыя, якіх мы лечым новым метадам, знаходзяцца ў стацыянары ўсяго 21 – 25 дзён максімум, а часцяка і 20 дзён няма. Раней гутарка ішла пра 1,5 – 2 месяцы знаходжання на шпіталёвым ложку. Усе нашыя ўрачы прайшлі падрыхтоўку ў Англіі. Таксама за кошт дабрачыннай дапамогі “Angels international”, якая аплаціла ўсе выдаткі на знаходжанне і навучанне магілёўскіх медыкаў у адным з вядучых апёкавых цэнтраў Брытаніі. Там я і мае калегі мелі магчымасць азнаёміцца з сучаснымі падыходамі еўрапейскай медыцыны ў лячэнні апёкаў, пазнаёміцца з сучаснымі методыкамі і навучыцца іх практычнаму выкарыстанню. Фактычна, ангельцы дапамаглі нам комплексна ўзняць узровень аказання медычных паслуг нашым аддзяленнем, навучанне ішло паралельна з забеспячэннем усім неабходным абсталяваннем і прыладамі. Калі яны ўпершыню ў нас пабывалі, яны зразумелі для сябе, што магілёўскім калегам трэба дапамагаць. І далей не адступіліся ад свайго першаснага памкнення, аб чым я з удзячнасцю кажу сёння. А што будзе, калі раптам замежныя філантропы адмовяць вам у падтрымцы? Вельмі спадзяюся, што гэтае пытанне застанецца гіпатэтычным. Бо ў такім выпадку баюся, нам прыйдзецца перайсці на працу ў цяжкіх умовах недахопу сродкаў і медыкаментаў, у якіх працуюць нашыя калегі з іншых апёкавых цэнтраў краіны. На шчасце, сёння можна канстатаваць, што ў нашых брытанскіх партнёраў няма планаў згортваць сваю дапамогу. Больш таго, супрацоўніцтва ў нас пачалося з падпісання ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі дамовы, у якой ангельцы дэтальна пазначылі, чым і як яны збіраюцца дапамагчы магілёўскім калегам. І ўся далейшая праца ажыццяўляецца ў адпаведнасці з гэтым пагадненнем. Нашае супрацоўніцтва знаходзіць усялякую падтрымку таксама і на ўзроўні абл- ды гарздраву. Кажучы пра тое, чаго б мы сёння хацелі атрымаць на магілёўскім узроўні, спыніўся б на пажаданні стварыць больш камфортныя ўмовы ажыццяўлення лячэбнага працэсу. Хацелася б, каб у палатах было не па 6-7 чалавек, неблага было б нешта падрамантаваць, замяніць падлогі і г.д. Зразумела, што і гэта сродкі, зразумела, што іх заўжды не хапае. Але ж і мы не так ужо шмат сёння і просім, шмат што атрымліваючы ад дабрачынцаў. Ваша аддзяленне – гэта для вобласці ў пэўнай ступені цэнтр лячэння апёкавых траўм. Як у абласным маштабе пастаўлена праца, якія ёсць праблемы і пажаданні? Так, наша аддзяленне – адзінае спецыялізаванае аддзяленне ў вобласці, якое займаецца апёкамі. Натуральна, мы курыруем і вобласць. Супрацоўніцтва з калегамі ў раёнах, з хірургамі досыць шчыльнае, усе яны праходзяць адпаведную падрыхтоўку па апёкавай траўме ў Мінску, мы выпускаем і распаўсюджваем метадычныя рэкамендацыі па тых напрацоўках, якімі авалодваем самі, дасылаем выступленні нашых спецыялістаў на разнастайных абласных канферэнцыях і г.д. Увогуле, можна сказаць, што нашая галіна – гэта не тая сфера, якая нікому невядомая. Канешне, ёсць такія моманты, калі затрымліваецца паступленне хворых з раёнаў да нас. Мы намагаемся паступова вырашаць праблемы ў гэтай сувязі. Добра, што ў абласнога дзіцячага шпіталя з’явіўся рэанімабіль, які дазваляе забіраць дзетак з раёнаў і хутка прывозіць да нас. Канешне, гэта ўжо ратуе шмат чые жыцці, робіць лячэнне дзяцей больш хуткім і эфектыўным. Што да дарослых, на жаль, тут яшчэ ёсць праблемы, то бок, няма адпаведнага транспарту. Прыходзіцца спадзявацца на прафесійнасць медыкаў у раёне, хуткасць і дакладнасць іхнай працы. Звычайна, медыкі скардзяцца, што не хапае ложкаў, не хапае спецыялістаў. Што ў вас? Ведаеце, ложкаў нам хапае. Іх у аддзяленні столькі, колькі і патрэбна, каб усё рабіць паводле нормаў і патрабаванняў медыцыны. Калі ж казаць пра неабходнасць лекарскіх кадраў, то я вам прывяду прыклад з таго, што пабачыў у Англіі, ва ўжо памянёным вельмі прэстыжным апёкавым цэнтры. Там у аддзяленні было 6 лекараў і 8 апёкавых ложкаў, плюс на аднаго цяжкога апёкавага хворага адна медсястра.. Гэта значыць, што што ўрач мае магчымасць ушчыльную і вельмі інтэнсіўна працаваць з кожных пацыентам, які за ім замацаваны. А цяпер параўнайце з нашым выпадкам – 6 лекараў і 50 пацыентаў і па адным сястрынскім пасту прыкладна на 18 хворых. На мой погляд, якасць і паспяховасць лячэння неад’емна звязаныя з магчымасцю ўрача надаваць кожнаму пацыенту патрэбную ўвагу. Мяркую, кажучы пра стан і развіццё маёй галіны, што яна мусць набліжацца да расійскай, калі маецца апёкавае аддзяленне, на базе яго ёсць інтэнсіўныя ложкі кшталту рэанімацыйных. Тады, магчыма не патрэбная вялікая колькасць ложкаў, мы будзем займацца толькі тымі траўмамі, што патрабуюць хірургічнага ўмяшальніцтва. А ўсе амбулаторныя выпадкі можна было б выконваць на паліклінічна базе. Хоць і тут паўстаюць сур’ёзныя пытанні, на якія трэба шукаць адказы. Напрыклад, ці здолеюць хворыя аплочваць самі лекі ва ўмовах амбулаторнага лячэння. А калі не, - што тады рабіць? Акрамя таго, вымагае вывучэнне ступень падрыхтоўкі паліклік, хірургаў у іх. Пакуль на паўсталыя пытанні адказаў няма, варта вельмі асцярожна падыходзіць да нейкіх зменаў. Сённяшняя сістэма ў такіх варунках досыць эфектыўна дазваляе ажыццяўляць нам сваю працу. Якія планы мае аддзяленне на будучыню? Як я ўжо казаў, нашае аддзяленне займаецца ня толькі лячэннем апёкаў і абмаражэнняў, але й разнастайнымі рэабілітацыйнымі, рэканструктыўна-аднаўляльнымі захадамі, дакранаемся пластычнай хірургіі і г.д. Натуральна, развіваем у гэтай сферы платныя паслугі. У гэтым накірунку ёсць магчымасць для нашага далейшага развіцця. Але галоўную сваю перспектыву мы бачым у тым, каб перайсці да мікрахірургічных метадаў лячэння. У нас рыхтуюцца да стажыроўкі ў Англіі 2 спецыялісты. Пасля таго, як яны адвучацца і вернуцца, мы спадзяемся ўшчыльную заняцца ўкараненнем гэтых новых медычных тэхналогій, адпаведныя мікраскопы ды іншыя прылады ў нас у шпіталі маюцца. Што вы думаеце аб сённяшніх рэформах у беларускай медыцыне, чаго хацелі б ад гэтых рэформаў атрымаць? Любыя рэформы мусяць прыводзіць да паляпшэнняў. Гэтага б і хацеў чакаць ад сённяшняй працы кіраўніцтва галіной у гэтым накірунку. Выбіраючы паміж рознымі мадэлямі развіцця сістэмы аховы здароўя, трэба арыентавацца на станоўчыя бакі гэтых мадэляў, не забывацца пра адмоўныя і памятаць пра рэальныя ўмовы беларускай рэчаіснасці. Напрыклад, да згаданага ўжо пытання ложкавага фонду і ягонага эфектыўнага выкарыстання. Натуральна, ранейшай, празмернай колькасці ложкаў не патрабуецца. Але змяншаючы гэты паказчык, трэба падвышаць інтэнсіўнасць лячэння, зэканомленыя сродкі накіроўваць менавіта на гэта. Тады будзе і медычны, і сапраўдны эканамічны эфект. А калі ідзе паралельна і скарачэнне персаналу, то ў мяне ўзнікаюць пытанні наконт магчымасці забяспечыць ці падвысіць якасць лячэння. Хвораму трэба надаваць больш увагі, больш працы, і тады лячэнне будзе больш хуткім і паспяховым. Што можаце пажаць сваім лекарам-калегам? Ня буду арыгінальны, і найперш пажадаю ўсім здароўя, каб медыкі мелі магчымасць пасля плённай працы адпачыць, заняцца любімай справай, пачытаць кнігу. Увогуле, жадаю медыкам творчых поспехаў, паколькі гэта вельмі важна для медыка. Творчы падыход дазваляе нам развівацца, а ў сённяшніх умовах медыку нельга стаяць на адным месцы, абапірацца толькі на тыя веды і навыкі, што былі атрыманы калісьці ў маладосці за часамі інстытуцкага навучання. |
|||||||||||||||||||||||||||||||
Сымон Глазштэйн |
|||||||||||||||||||||||||||||||
|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||
|
Дасылайце Вашы
паведамленні на
s.wolkau@tut.by з пытаннямі альбо
каментарыямі адносна гэтага сайта. |
|||||||||||||||||||||||||||||||